Лідэра фанацкага руху БАТЭ арыштавалі на 5 сутак (ФОТАРЭПАРТАЖ)

Аляксандра Марозава затрымалі ўчора каля першай гадзіны начы на чыгуначным вакзале Барысава. Ён вяртаўся з Гродна на цягніку са сваёй дзяўчынай. Чатырох супрацоўнікаў міліцыі нібыта зацікавіў змест сумак Аляксандра, у якіх знаходзілася спартыўная атрыбутыка, а таксама майкі з надпісам «Першы атрад БНР».

Як часта бывае ў нашай краіне, рэальная падстава для затрымання была зусім іншая.

Існуе меркаванне, што Марозава арыштавалі ў знак помсты за фанацкую акцыю ў падтрымку Еўрамайдана. Аднак фармальная падстава для арышту была выбраная іншая – яна ўжо стала класічнай у лукашэнкаўскай Беларусі, – Аляксандр быццам бы лаяўся матам.

Сам Марозаў катэгарычна адмаўляе гэты факт. Адмаўляе гэты факт і яго дзяўчына.

Сведкамі супраць Марозава выступілі чатыры супрацоўнікі міліцыі Барысаўскага РУУС. Яны сцвярджалі, што Аляксандр нецэнзурна выказваўся, чым сапсаваў грамадскі парадак у раёне вакзала. Пры гэтым міліцыянты не здолелі назваць імя ніводнага барысаўца, які б знаходзіўся ў гэты час у момант затрымання і мог палічыць сябе абражаным. Па ўсё верагоднасці, такіх людзей не было ўвогуле, як не было і нецэнзурных слоў з вуснаў Марозава.

Супрацоўнікі барысаўскай міліцыі, якія затрымлівалі Аляксандра Марозава, лідэра фанацкага руху БАТЭ, у калідорах суда пасмейваліся і жартавалі

Суддзя Сяргей Герасімовіч адмовіўся ад прапановы адваката Аляксандра Хаецкага далучыць да справы відэазапісы з камераў назірання на чыгуначным вакзале. З гэтых запісаў было б прынамсі бачна, ці былі якія-небудзь пастароннія людзі падчас затрымання Марозава, якія б гіпатэтычна маглі пачуць нецэнзурную лаянку. Суддзя пайшоў па звычайным, накатаным шляху – яму хапіла «хора» міліцэйскіх паказанняў. Супрацоўнікі РУУС, зрэшты, не змаглі толкам назваць нават тыя словы, якія нібыта гучалі з вуснаў Марозава і абразілі начны Барысаў.

Суддзя Сяргей Герасімовіч (у акулярах) прыняў дзіўнаватае рашэнне – арыштаваць Марозава на пяць сутак

Відэазапісы з камераў (пазначаны чырвоным колам) маглі б паказаць, ці былі побач пастароннія людзі падчас затрымання Аляксандра Марозава. Менавіта на прахожых, якія маглі пачуць быццам бы нецэнзурную лаянку затрыманага, спасылаліся міліцыянты, абгрунтоўваючы парушэнне ім грамадскага парадку сярод ночы на барысаўскім вакзале. Аднак суддзя Сяргей Герасімовіч не захацеў займацца відэазапісамі…

ДЫК ЗА ШТО ЗАТРЫМАЛІ МАРОЗАВА?

Наогул, само патрабаванне праверыць сумкі Марозава было незаконным. Міліцыянты не мелі на тое ніякіх падставаў. Але нягледзячы на гэта, Аляксандр адразу прад’явіў пашпарт і гатовы быў тут жа на вакзале паказаць змест сумак. Аднак яго чамусьці прапанавалі сесці ў міліцэйскую машыну з мэтай адвезці сярод ночы з цягніка ў будынак Барысаўскага РУУС. І нават не ў аддзел міліцыі, які знаходзіцца побач з вакзалам, а адразу ў ізалятар!

Прысутныя на судзе назіральнікі за працэсам сыйшліся на меркаванні, што арышт Аляксандра Марозава быў палітычна матываваны. Суддзя Сяргей Герасімовіч не ўлічыў усіх абставінаў справы і ўзяў напавер толькі словы міліцыянтаў, якія былі зацікаўленыя ў арышце Марозава.

У калідорах барысаўскага суда напаўзмрочна. Адвакат Аляксандр Хаецкі (справа) перамаўляецца з затрыманым

ШТО СКАЗАЎ НА СУДЗЕ АЛЯКСАНДР МАРОЗАЎ?

«Я вяртаўся на цягніку з Гродна. Цягнік крыху затрымліваўся і прыбыў на вакзал без пяці хвілін гадзіны начы. У гэты момант я знаходзіўся з сяброўкай, выйшаў з ёй на перон. Мы хацелі пайсці да стаянкі таксі. Я ўбачыў знаёмага супрацоўніка міліцыі, якога ведаю, бо гадоў пяць прапрацаваў на вакзале. Я яму кіўнуў яшчэ на пероне і пайшоў далей. Ён мне таксама кіўнуў, але праз секунду аклікнуў.

Ён папрасіў мяне спыніцца. У мяне з сабой быў заплечнік і сумка. Ён спачатку пацікавіўся, што ў мяне ў сумцы. Я адказаў, што спартыўная атрыбутыка. «Добра, прытармазі, давай пройдзем праз пуці». Мы прайшлі праз пуці. На першай платформе каля вакзала стаялі яшчэ два супрацоўнікі. Яны запатрабавалі мае дакументы, я даў пашпарт. Паўторна пацікавіліся, што ў сумках. Я ізноў сказаў, што спартыўная атрыбутыка, якую яны могуць даглядзець у дадзены момант. На гэта яны адказалі, што я павінны паследваць за імі на нейкую размову.

Далей мы прайшлі тым праходам, дзе зараз знаходзіцца крама па продажы кампакт-дыскаў, музыкі. Там побач стаяла машына, у якой сядзелі два супрацоўнікі. Рэчы мае пагрузілі ў багажнік. Мяне пасадзілі на задняе сядзенне, завезлі ў аддзел міліцыі. Там мне чалавек у цывільным сказаў, маўляў, «каб мы з табой больш не сварыліся, ты затрыманы па адміністратыўным правапарушэнні».

Акрамя таго, я неаднаразова прасіў, каб мяне звязалі з маім адвакатам. Я хацеў патэлефанаваць сваім таварышам, каб паведаміць, што мяне затрымалі. Але ў машыне мне карыстацца тэлефонам забаранілі і непасрэдна калі адбываўся вопіс рэчаў і пісаўся пратакол, я таксама прасіў патэлефанаваць. Мне адмовілі. Мне адмовілі ў сувязі наогул з кім-небудзь».

Суд Барысаўскага раёна не раз выносіў палітычна матываваныя, рэпрэсіўныя рашэнні

Аляксандра Марозва вязуць адбываць пяцісуткавы арышт

Источиник: barysau.by

1 комментарий к “Лідэра фанацкага руху БАТЭ арыштавалі на 5 сутак (ФОТАРЭПАРТАЖ)”

  1. Фанаты были и будут вне политики! Зачем было создавать сайт, чтобы писать про политику?

    Ответить

Оставьте комментарий