Размова пра фаеры, банэр “14 88”, працу клуба з заўзятрамі і стаўленне іх да кіраўніка праўлення чэмпіёна краіны па футболе.
Днямі кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі даў інтэрв’ю спартыўнаму сайту tribuna.com. У гутарцы з журналістам ён чарговы раз згадаў пра акцыю заўзятараў клуба, якія публічна падтрымалі Майдан. Маўляў, гэта невядома хто са схаванымі тварамі. І нават заявіў, што пазнаў аднаго з хлопцаў – Аляксандра Марозава па мянушцы “Фіціль”.
“Гэта людзі, з якімі ў свой час у клуба былі канфлікты з нагоды розных дыскрымінацыйных і расавых момантаў. Гэта людзі, якія ў свой час былі асуджаныя па пазове ФК БАТЭ. За румынскія фаеры і мноства іншых правакацый. Праўда, у выніку мы ім даравалі. Але гэтыя людзі дэманстратыўна перасталі пазіцыянаваць сябе на стадыёне як фанаты. Іх больш няма на сектары, яны не займаюцца актыўнай падтрымкай каманды”, — гаворыць Капскі.
Еўрарадыё паразмаўляла з Аляксандрам Марозавым. Сваю датычнасць да акцыі ў падтрымку Майдана ён адмаўляе. Але расказвае пра гісторыю канфлікту з кіраўніцтвам клуба і тлумачыць, чаму па-ранейшаму заўзее за БАТЭ.
Раскажыце, чым скончыліся гісторыя з затрыманнем людзей з фотаздымку? Колькі з іх былі на сутках і ці працягваюцца пошукі іншых.
Аляксандр: Гісторыя яшчэ не скончылася, я так думаю. Двое атрымалі па 5 сутак, астатніх пакуль, здаецца, не чапаюць. Магчыма, баяцца, што зноў шум будзе. Вось і шкодзяць па дробнаму, як у Брэсце.
Двое асуджаных на суткі насамрэч збіраюцца падаваць скаргі ў міжнародныя структуры?
Аляксандр: Мы ў праваабарончы цэнтр «Вясна» звярталіся. Павязу днямі дакументы, таму што абскарджанне пакінулі без змены.
Як вы ставіцеся ды заяваў кіраўніцтва БАТЭ, Анатоля Капскага, які фактычна сказаў, што вы не з’яўляецеся фанатамі клуба?
Аляксандр: З Капскім проста былі праблемы раней.
У чым яны праяўляліся? Звычайна ён абараняе фанатаў.
Аляксандр: Ну ён жа напісаў. У 2007 у Румыніі мы крыху дыму пусцілі. Клуб на нас у суд падаў. Суды ў нас самі ведаеце якія… Але пазоў яны ў выніку адклікалі. Пагаварылі проста па душах, нібы нармальна ўсё было. А потым інцыдэнт з банерамі гэтымі «14-88». Я іх не маляваў. Але менавіта я і яшчэ пара чалавек, хто тады меў сувязь з клубам, мы за ўсё гэта і аддуваліся.
Як фанаты ўспрынялі такія паводзіны клуба?
Аляксандр: Нам на чатырох прысудзілі каля 6 тысяч долараў штрафу. І потым літаральна за пару дзён усе спорт-рэсурсы і форумы проста падарваліся. У асноўным усё зводзіліся да агульнага меркавання – што, магчыма, заўзятары і перагнулі трохі палку — але судзіць сваіх жа неяк не фантан. У выніку Капскі сам патэлефанаваў, прызначыў сустрэчу. На размове ён нас выслухаў, сам выказаўся. У той час ім патрэбна была афіцыйная структура накшталт Клуба Заўзятараў. Ён адкрыта казаў: хлопцы, мне куды прасцей дзесьці фінансава паспрыяць падрыхтоўцы перфомансаў, недзе праплаціць вам транспарт, чым потым плаціць штрафы. На той момант мы разышліся нармальна. Клуб пазоў адклікаў. І два гады ўсё было адносна нармальна. Ну, прынамсі калі ад нас недзе патрабавалася саступіць, або дапамагчы не на шкоду агульнай справе, заўсёды ішлі на дыялог.
І што потым?
Аляксандр: А потым 2010 – як гаварыў ужо, еўракубкавы матч. У нашым сектары былі паднятыя расцяжкі «14-88». Гулялі з ісландцамі, кваліфікацыя Лігі Чэмпіёнаў ў нас у Барысаве. Я і яшчэ пара хлопцаў былі ў клубе тады засвечаныя. То бок, калі былі нейкія пытанні, з клуба тэлефанавалі адразу нам. Ну, і Капскі праз два дні мне тэлефануе – давай маўляў мне тых, хто гэта зрабіў. Як яны думалі наогул гэта выглядаць будзе? Ну і выграбалі ў выніку не вінаватыя, а тыя, хто калісьці быў засвечаны ў клубе ці міліцыі.
На гутарцы тады яшчэ Капскі наогул казаў, што з гэтага часу кожны наведвальнік фансектара павінен будзе падпісваць нейкую там антыфашысцкую дэкларацыю. Я падумаў – на стадыёне месца яшчэ шмат, навошта праходзіць прыніжальную працэдуру шмону, перапісу і нейкіх незразумелых дэкларацый. І адзіным на той момант рашэннем стаў байкот фанацкага сектара. Гэта значыць на матчы я хадзіў і на выезды катаўся – але не ў сектары.
Колькі фанатаў падтрымалі байкот тады? Вас было шмат?
Аляксандр: Увесь актыўны сектар, гэта чалавек 300-400.
Доўга працягваўся байкот?
Аляксандр: Пачалося ўсё ў ліпені і аж да траўня наступнага года. Капскі зразумеў, што людзей ён сілай і ўладай на сектар не загоніць. Адразу брудам паліваў. Тут яшчэ выезд у Ціраспаль быў у кастрычніку. Хтосьці пасля гола фаер запаліў і мясцовыя міліцыянты вельмі жорстка ўсіх дзяўбці пачалі. А там і дзяўчаты былі, і простыя заўзятары. У мяне фаер таксама быў – але яго запаліў ўжо калі людзей біць пачалі. Гэта значыць проста ад міліцыі ім адмахваўся, а зверху хтосьці на тэлефон зняў і ў клуб прынёс.
Там жа на сутках чалавек 10 пакінулі. Практычна ні за што, плюс колькі збітых было. Я асабіста ў аддзеле тады быў. Дык вось з затрыманых ведаў у твар некалькі чалавек. Астатнія – проста выпадковыя людзі, якія паехалі на футбол.
БАТЭ ніяк не заступіўся за сваіх?
Аляксандр: Пасля матчу падыходзілі хлопцы да Капскага – што, маўляў, з затрыманымі рабіць? Той сам на нервах – так, маўляў, ім і трэба, самі вінаватыя. Тлумачылі яму, што запалілі два фаеры, а людзей забралі 20 чалавек.
Затрыманыя адседзелі тады суткі?
Аляксандр: Хто суткі, хто трое. І ўжо па прыездзе дадому тут сваякі затрыманых паніку паднялі. Што гэта маўляў дзеецца такое. Толькі пасля гэтага клуб неяк там ўпісаўся, консула ў Малдове вызванілі, грошай перадалі на зваротны шлях.
Пасля гэтага выезду яшчэ былі выпадкі канфліктаў з кіраўніцтвам клуба? Альбо да акцыі падтрымкі Майдана было ціха?
Аляксандр: Як сказаць… Байкот працягнуўся. Кіраўніцтву таксама ў адным месцы пекла, што ў лепшага клуба ў краіне падтрымкі няма. А зрабіць нічога не могуць. Гэта ж не кіно, калі можна неяк паўплываць. І яны пачалі паволі прамацваць хлопцаў маладзейшых. Зразумелі, што мы (тыя хто старэйшыя) ад свайго не адступімся і пойдзем да канца. Мы шмат і не патрабавалі — далоў ганебную дэкларацыю ды нейкіх адэкватных каментароў. Таму што хочуць падтрымкі – а хто потым пойдзе падтрымліваць? Калі вакол брудам паліваюць і ўжо вобраз такі склаўся. І на жаль, знайшліся людзі, якія пайшлі на нейкія саступкі. Тады паміж сабой рознагалоссі пачалі наклёўваецца. Вось на глебе гэтых рознагалоссяў частка людзей сама пайшла на размову да Капскага. Давайце, маўляў, сябраваць.
На матчах БАТЭ, еўракубкавых і матчах чэмпіянату, фанацкі сектар цяпер запоўнены. Гэта акурат тыя, хто пайшоў на саступкі клубу?
Аляксандр: Пасля 2011-га – так. Гэта значыць частка пайшла на саступкі, яшчэ нейкая частка проста без свайго меркавання далучылася да масоўкі. А ёсць яшчэ такія, хто і пра канфлікт не ведае толкам, яны з’явіліся ўжо пасля гэтых падзей. Ім камфортна – тры гады выезды ў Еўропу аплачвае клуб. Частку выездаў па Беларусі таксама.
А што робяць тыя фанаты, якія не пайшлі на саступкі? Вы асабіста наведваеце матчы ў іншых сектарах, альбо байкатуеце?
Аляксандр: Наведваю матчы як дома, так і на выездах. Толькі не ў сектары актыўных фанатаў БАТЭ. На еўравыездах крыху складаней, там для прыезджых квіткі рэальна купіць толькі ў зарэзерваваныя клубам сектары.
Чаму ў вас узнікла ідэя падтрымаць акцыяй Майдан? Гэта быў крок у адказ на падобныя акцыі фанатаў украінскіх клубаў, альбо нейкая іншая прычына ёсць?
Аляксандр: У мяне ніякай ідэі не ўзнікала і адкуль там фігуруе маё прозвішча — мне невядома.
Зразумела. Алё Чаму Капскі гаворыць пра вас?
Аляксандр: Можа падобны хтосьці на фота. А хутчэй, хоча адвесці непажаданыя наступствы ад людзей, якія наведваюць актыўны фанацкі сектар.
Столькіх гісторый з кіраўніцтвам клуба ў вас, жаданне перастаць падтрымліваць БАТЭ не знікае?
Аляксандр: Не, абсалютна. Кіраўніцтва (за выключэннем вядома самога Капскага) сёння адно, заўтра іншае. А я за БАТЭ заўзеў і заўзець буду і пры ўсім сфармаваным стаўленні да Капскага толькі тупы, напэўна, не разумее, што клуб існуе, пакуль яму гэта трэба. Не будзе Капскага – і незразумела, што будзе з клубам. З іншага боку, пры ўсёй павазе да Капскага– хто ён такі, каб вызначаць, хто сапраўдны фанат, а хто не? Старшыня праўлення? Ну вось і займайцеся сваёй справай. А мы ў сваёй фанацкай кухні як-небудзь самі разбярэмся.
Исчтоник: euroradio.fm
Как был Морозов трус так и остался. Я не я и хата не моя.
Капскей, ты спалился