Чужыя сярод «сваіх»… фанатаў

Зіма — час, калі айчынны футбол знаходзіцца ў стане анабіёзу. Каманды рыхтуюцца да будучага сезона ў сонечнай Турцыі, а балельшчыкі пакорна чакаюць старту чэмпіянату краіны напрыканцы сакавіка. Але ёсць фанаты, для якіх айчыннае першынство не завяршалася і не пачыналася, а БАТЭ быццам бы ніколі і не гуляў у Лізе чэмпіёнаў. Яны наогул жывуць іншымі інтарэсамі, глядзяць выключна замежны футбол і падтрымліваюць замежныя каманды ў пабах з песняй і келіхам піва ў руках. Хто яны? Юнакі, якія прынцыпова аспрэчваюць усё сваё, ці сапраўдныя аматары, якім проста не даспадобы беларускі футбол? Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў разабрацца ў праблеме, якую не абыходзіць увагай і беларускі інтэрнэт.

Яшчэ нядаўна я быў далёкі ад падобнай тэмы. Ведаў, што моладзь у Мінску калектыўна «хварэе» за розныя клубы, нават за тыя, якія не з’яўляюцца заканадаўцамі футбольнай моды. Аднак я і дадумацца не мог да таго, што нехта з гэтых хлопцаў і дзяўчат прыйдзе ў дынамаўскі сектар, каб падтрымаць… не беларускіх спартсменаў, а замежнікаў. Неяк у Нацыянальным аэрапорце «Мінск-2» я ўбачыў вялікую групу падтрымкі іспанскай «Барселоны», затым давялося гутарыць з дзяўчынай у Гомелі, якая прыйшла на стадыён роднага горада, каб падтрымаць… англійскі «Ліверпуль»! І апошнім штуршком да напісання гэтага артыкула стала міжнародная гульня «Беларусь — Іспанія»: напярэдадні матча малады чалавек уладкаваўся працаваць на стадыён сцюардам-ахоўнікам толькі дзеля таго, каб узяць аўтограф у аднаго з пірэнейскіх футбалістаў.

Гэтага высокага, хударлявага хлопца завуць Аляксей. Прозвішча ён папрасіў не называць, а на сустрэчу прыйшоў разам са сваім сябрам Віталём Бурачэўскім, студэнтам Беларускага інстытута правазнаўства. Абодва — балельшчыкі лонданскага «Арсенала».

— Аляксей, як сталася, што ты трапіў працаваць на матч «Беларусь — Іспанія»?

— Я ведаў, што так будзе прасцей атрымаць аўтограф і убачыць Санці Касорлу, які гуляе за «Арсенал» і зборную Іспаніі. Таварыш, які таксама хварэе за «кананіраў», прапанаваў папрацаваць сцюардам. Я прайшоў гутарку, уладкаваўся, за тры гадзіны да гульні прыйшоў на стадыён і пачаў насіць агароджу ў бок аўтобусаў. Пасля гульні імкнуўся быць бліжэй да мікст-зоны, дзе працавалі мас-медыя, каб узяць аўтограф. Але ў пэўны момант я пачуў, як іспанскія журналісты заспявалі песню пра Касорлу, якую яны пачулі раней ад нас, балельшчыкаў «Арсенала». Я не вытрымаў, выскачыў з-за агароджы і пачаў спяваць разам, аднак да мяне адразу падбег нехта з футбольнай федэрацыі, на мяне крычалі, і выштурхнулі з гэтай палаткі. Але мы ўсё роўна добра падтрымалі Касорлу. Яшчэ напярэдадні гульні сустрэлі яго каля гасцініцы. Ён у размове аказаўся простым хлопцам, пасля прызнаўся ў інтэрв’ю, што сябры па камандзе зайздросцілі яму, бо ніхто іх не падтрымліваў у Мінску так, як мы «хварэлі» за Санці.

— А як вы адсочваеце прыезды футбалістаў «Арсенала» ў Беларусь?

— Асобна «Арсенал» у Мінск яшчэ не прыязджаў, затое шмат яго футбалістаў гуляюць за зборныя сваіх краін. Вось мы загадзя і шукаем інфармацыю ў інтэрнэце, калі, у які дзень прыязджае тая ці іншая каманда. У мяне ёсць сцяг, на якім ужо чатыры роспісы гульцоў «кананіраў». Аднойчы атрымалася трапіць на сустрэчу англічан у Данецку з мясцовым «Шахцёрам». На матч з Мінска адправіліся больш за 20 чалавек. Нехта ехаў цягніком, а іншыя дабіраліся аўтобусам.

Як кажа Аляксей, «хварэць» за «Арсенал» ён пачаў у 2001 годзе. Падчас трансляцыі матча літаральна захапіўся камандай. «Я думаў, што адзіны такі ў сваім захапленні, — прызнаецца хлопец, — але прыхільнікаў «Арсенала» было насамрэч шмат. І бліжэй з імі я пазнаёміўся толькі ў 2008. А зараз у Мінску за нашу каманду адначасова «хварэюць» два фан-клубы».

У яго сябра сітуацыя крыху іншая. Віталь наогул за футболам не сачыў. Падчас чэмпіянату Еўропы-2008 вырашыў пашукаць па «спадарожніку» футбольны канал і неяк нечакана натрапіў на матч «Арсенала». «Я зараз чытаю ўсе значныя футбольныя навіны, але гляджу толькі англійскую футбольную прэм’ер-лігу. Астатняе не так істотна для мяне». Пазнаёміліся між сабой хлопцы, безумоўна, таксама на «футбольнай глебе» і ўжо год разам «хварэюць» за падапечных Арсэна Венгера.

— У нас у Беларусі існуюць два фан-рухі «Арсенала», — тлумачыць Віталь. — Наш «Арсенал Беларусь» і іншы клуб. У ім пераважаюць дарослыя мужчыны, якім хочацца спакойна адпачыць, паразмаўляць і абмеркаваць футбол. А мы бурна выказваем свае эмоцыі, збіраем на матч каля сотні фанатаў. Які ўзрост? Ад 16 да 40 гадоў. Пераважна запрашаем людзей праз інтэрнэт. На сайце «У контакте» ёсць адмысловая падпіска «Wе lоvе уоu Аrsеnаl», якую чытаюць 46 тысяч чалавек! Збіраемся паглядзець гульню, напрыклад, у пабе.

— Хварэць за каманду азначае несці пэўныя выдаткі на набыццё каманднай сімволікі.

— Мы аддаём перавагу рарытэтнай форме, — кажа Аляксей. — Ведаю хлопца, які праз інтэрнэт набыў сабе футболку 1971 года. У падобных каманда зрабіла свой першы «дубль» — адначасова перамагла ў чэмпіянаце, заваявала Кубак Англіі. Шмат футболак знаходзім і ў сэканд-хэндах.

— Што да мяне, дык я маю тры майкі, — падлічвае маёмасць Бурачэўскі. — Адну з іх набыў у фірменнай краме каманды ў Лондане. Аддаў за яе 60 фунтаў.

— А ад футбалістаў да вас што-небудзь трапляла?

— Пасля той сустрэчы з Іспаніяй варатар мадрыдскага «Рэала» Ікер Касільяс кінуў у фанацкі натоўп каля аўтобусаў свае шорты, якія неяк выпадкова злавіў наш хлопец. Зразумела, Касільяс — вельмі вядомы футбаліст, аднак ён не мае ніякага дачынення да «Арсенала». Нават не ведаю, радаваўся той хлопец ад падобнай здабычы ці не.

— Ці казалі вам дзяўчаты, што вы крыху звар’яцелі на гэтым футболе?

— Усе казалі, — смяецца Аляксей, які нават зрабіў сабе тату ў гонар любімай каманды. — Я жыву з бацькамі, і яны ўжо звыкліся з тым, што па ўсёй кватэры развешаны майкі і сцягі. У кватэры толькі «Арсенал»! Нават працу выбіраю, улічваючы, ці буду мець магчымасць паглядзець матч любімай каманды.

— Зразумела, кожны фанат — крыху вар’ят, — па-філасофску дадае яго сябар. — Аднак ты праводзіш з балельшчыкамі максімум два матчы на тыдзень. Не лічу, што гэта павінна быць праблемай для дзяўчыны.

— Скончыць хацелася б пытаннем, якое падштурхнула мяне да размовы з вамі. Ці гэта нармальна, калі беларус прыходзіць на стадыён, каб падтрымаць саперніка нацыянальнай зборнай?

— Шчыра кажучы, выпадак, калі мінскія балельшчыкі мадрыдскага «Рэала» падтрымлівалі зборную Іспаніі, мяне не зачапіў, — прызнаецца Віталь Бурачэўскі. — За Іспанію выступаюць шмат іх улюбёных гульцоў. Маглі б іх ужо і больш актыўна падтрымліваць, калі прыйшлі на стадыён.

— Ды я проста не разумею падобнага, — абураецца былы валанцёр. — Пэўны час я захапляўся зборнай Галандыі, але гэта не значыць, што я, напрыклад, у матчы «Галандыя — Беларусь» падтрымліваць буду першых. Не. Я не падтрымліваю тых, хто «хварэе» супраць роднай зборнай. Гэта свая нацыянальная каманда, якой бы насамрэч яна ні была.

Источник: «Звязда»

2 комментария к “Чужыя сярод «сваіх»… фанатаў”

  1. вот у человека радость на всю жизнь: один раз побывал на стадионе во время игры «любимой» команды)))
    жесть. мне этого никогда не понять

    Ответить

Оставьте комментарий