У мінулы чацвер адбылося не толькі пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх (КСН), але і агульны сход, у якім акрамя членаў камісіі ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна.
Падвядзенне вынікаў работы
На сходзе былі падведзены вынікі работы КСН у мінулым, 2014 годзе.
Летась камісія разгледзела 155 матэрыялаў у дачыненні да непаўналетніх і іх бацькоў (для параўнання: у 2013 годзе такіх матэрыялаў разгледжана 158), праведзена 29 пасяджэнняў камісіі, з іх 2 выязныя (у 2013 годзе — 24), на якіх разгледжаны 11 агульных пытанняў (у 2013 годзе — 15). Таксама трэба дадаць, што калі ў 2013 годзе па рашэнні камісіі быў аштрафаваны 31 чалавек на суму 18 мільёнаў 720 тысяч рублёў, то ў 2014 колькасць аштрафаваных павялічылася да 37 чалавек, а сума накладзеных штрафаў — да 30 мільёнаў 556 тысяч рублёў. 2014 год быў прысвечаны правядзенню прафілактычнай работы з непаўналетнімі і іх бацькамі. Натуральна, што многія з задач камісіі ў 2014 годзе выкананы. Так, напрыклад, эфектыўнае правядзенне прафілактычнай работы спрыяла таму, што за 2014 год 124 дзіцяці з 57 сем’яў былі зняты з уліку, як не знаходзячыеся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але больш за ўсё, несумненна, радуе тое, што ў родныя сем’і з дзіцячага сацыяльнага прытулка і іншых устаноў вярнуліся 14 дзяцей, а гэта складае 100 працэнтаў.
Аднак старшыня камісіі Сяргей Сарокаў адзначыў, што людзей павінна стрымліваць ад глупстваў і парушэнняў не пакаранне ў выглядзе вялікага штрафу, а добрая растлумачальная работа. “Можна доўга гаварыць пра тое, як шмат мы робім, — адзначыў ён. — Аднак, наша задача — высветліць, дзе мы недапрацоўваем”. Таму ён настойліва рэкамендаваў усім прысутным на сходзе прадстаўнікам устаноў адукацыі звярнуць яшчэ большую ўвагу на прафілактыку парушэнняў. Таксама ён заклікаў усіх работнікаў адукацыі не дзяліць дзяцей на “сваіх” і “чужых”, а проста сачыць за тым, што адбываецца навокал.
Сяргей Вітальевіч папрасіў педагогаў звяртаць большую ўвагу бацькоў на тое, што дзіця да 12 гадоў не павінна знаходзіцца адно ў грамадскіх месцах.
Яшчэ старшыня камісіі заўважыў, што праз месяц будзе разглядацца пытанне аб занятасці тых непаўналетніх, якія закончылі сярэднюю ці базавую школу, аднак не пайшлі нікуды вучыцца або працаваць.
Яшчэ адзін шанц
Не абмінуў Сяргей Вітальевіч увагай і тыя праблемныя сем’і, якія ўжо трапілі ў поле зроку камісіі. Некаторыя з іх, дарэчы, ужо былі разгледжаны ў той жа дзень на камісіі па справах непаўналетніх. Адна з іх — маладая мама з вёскі Малькавічы, пра якую наша газета пісала раней. Яе саму і яе маці адначасова збіраліся пазбаўляць бацькоўскіх правоў. У выніку жанчына хавалася ад камісіі ўвесь гэты час, адмаўлялася праходзіць урачэбную камісію, звярнулася па працаўладкаванне толькі за некалькі дзён да пасяджэння камісіі. Па словах работнікаў установы, у якой утрымліваецца яе дачка, за ўвесь мінулы месяц маці патэлефанавала даведацца, як справы ў дзіцяці, толькі адзін раз. Аднак, сама жанчына гэта адмаўляла і прасіла вярнуць ёй малую, а таксама дадала, што дзеля гэтага яна паспрабуе “нікуды не трапіцца”. Мабыць, ключавое ў яе словах — гэта “не трапіцца”, а не “весці сябе нармальна”. Аднак, члены камісіі вырашылі даць ёй апошні шанц. На працягу месяца яна павінна стварыць усе ўмовы для пражывання дачкі, інакш будзе пазбаўлена бацькоўскіх правоў.
Што датычыцца маці згаданай дзяўчыны, то яна адмовілася ад лячэння ад алкагольнай залежнасці і ўладкавалася на працу ў СВК “Бярозавец”. Аднак там усё яшчэ ставяцца да яе насцярожана, а таму адмовіліся прадастаўляць інфармацыю. Успомніўшы аб тым, што жанчына доўга ашуквала камісію наконт працаўладкавання, члены камісіі ўсё ж далі ёй два месяцы для таго, каб канчаткова прывесці ў парадак сваё жыццё.
Яшчэ адна сям’я з в. Вялікія Круговічы, якая таксама згадвалася ў раёнцы раней, апынулася, як кажуць, па вушы ў даўгах. Агульная запазычанасць дзіцячаму садку, ЖКГ, банку і прытулку цяпер ужо складае каля 15 мільёнаў рублёў. Натуральна, што іх дзеці засталіся ў прытулку, бо бацькі пакуль не могуць стварыць нармальныя ўмовы нават для сябе саміх.
Кардынальна адрозніваецца сітуацыя яшчэ ў адной сям’і, чые дзеці былі змешчаны ў Пінскі Дом дзіцяці. Бацькі ўладкаваліся на працу, характарыстыкі адтуль самыя станоўчыя. Яны ідуць на кантакт з работнікамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, пастаянна прыязджаюць да дзяцей.
Маці вельмі прасіла дапамагчы ёй уладкаваць дзяцей у дзіцячы садок, бо яна не жадае пакідаць работу. Члены камісіі згадзіліся ёй дапамагчы і, вядома, далі дазвол на тое, каб вярнуць дзяцей у сям’ю.
Баязлівец не гуляе ў футбол!
Вельмі трывожнае здарэнне адбылося 28 жніўня 2014 года. Больш за дзясятак падлеткаў і маладых людзей, якія называюць сябе футбольнымі фанатамі ФК “Ганцавічы”, вырашылі “з’ездзіць у госці” да футбольных фанатаў горада Івацэвічы. У выніку двое з іх, навучэнцы Ганцавіцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, апынуліся на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.
Па іх словах, рашэнне паехаць у Івацэвічы было абсалютна спантанным. Яны хацелі напалохаць фанатаў ФК “Івацэвічы”, даказаць тым, што яны іх не баяцца, а на наступны дзень была запланавана гульня. З тэлефона аднаго з іх хтосьці выклікаў мікрааўтобус, і каля 19.00 хлопцы выехалі з Ганцавіч.
Прыехаўшы, адзін з фанатаў адзеў шапку з прарэзамі для вачэй “для псіхалагічнага запалохвання”. Пасля гэтага маладыя людзі пайшлі блукаць па горадзе ў пошуках “ворагаў”. Яны нават падышлі да кампаніі ў парку, каб удакладніць, ці няма сярод іх футбольных фанатаў. Іх нават не збянтэжыла тое, што сярод прысутных былі трое дзяўчат.
У рэшце рэшт яны ўсё ж знайшлі фанатаў ФК “Івацэвічы”. Адбылося гэта на вакзале. Двое навучэнцаў ліцэя пагналіся за адным з іх, каб, па іх словах, яго напалохаць, чым парушылі грамадскі парадак. У выніку адбылася бойка, пасля якой удзельнікі “акцыі па запалохванні” апынуліся ў аддзяленні РАУС на транспарце.
Натуральна, бацькі былі не ў курсе, што іх дзеці паехалі ў іншы горад, а тым больш, што яны парушылі грамадскі парадак. Таму ранішнія пошукі ўласных дзяцей для іх абярнуліся велізарным сюрпрызам.
Хлопцы аштрафаваны на 360 тысяч беларускіх рублёў кожны.
Аднак, як высветлілася, не ўсё так проста з гэтай справай. Намеснік начальніка Ганцавіцкага РАУС Вадзім Канапацкі паведаміў, што ў яго ёсць інфармацыя, згодна з якой, фанаты ФК “Ганцавічы” могуць быць аднымі з тых, хто ўжывае “спайс”. Па гэтым і па шэрагу іншых пытанняў будзе праведзена расследаванне.
Сяргей Сарокаў даў асабістае даручэнне загадчыку сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Яўгену Кабрынцу разабрацца ў тым, як хлопцы трапляюць у фан-клуб, чым яны там займаюцца, даведацца падрабязнасці аб дзейнасці ганцавіцкіх фанатаў.
Источник: http://govorim.by/


