22 гады таму герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі

19 верасьня 1991 году Вярхоўным Саветам БССР былі зацьверджаныя афіцыйная назва беларускай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь, бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня.

У 1918 годзе «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі, у савецкі час яны былі пад забаронай, але заставаліся сымбалямі нацыянальнага супраціву.

Гербу «Пагоня» больш за 700 гадоў, тады як сёньняшняму крыху зьмененаму савецкаму гербу БССР, усяго толькі 18.

Першы пісьмовы ўспамін пра герб «Пагоня» сустракаецца ў беларускіх летапісах пад 1278 годам у сувязі з князем Глебам-Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):

«Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, a то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня» — Хроніка Літоўская і Жамойцкая».

Як менавіта беларускі нацыянальны сьцяг, бел-чырвона-белы сьцяг нідзе ня згадваўся да 1909. У 1909 — 1917 ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 бел-чырвона-белым сьцягам пачалі ўсё часьцей карыстацца як сьцягам беларусаў наогул. На 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады (Менск, 5 жніўня 1917) было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозненьня. Але яшчэ перад самым Першым Усебеларускім зьездам (7 — 18.12.1917) існавалі іншыя прапановы на ролю дзяржаўнага сьцягу — напр., блакітна-бела-чырвоны сьцяг. Тым ня менш, зьезд праходзіў пад бел-чырвона-белымі колерамі, хоць разгон зьезду і не дазволіў фармальна прыняць пастанову пра дзяржаўны сьцяг.

Пазьней ён быў зацьверджаны як афіцыйны сьцяг БНР.

Аўтарам сьцягу лічыцца Клаўдзі Дуж-Душэўскі.

Оставьте комментарий