ДЗЕНЬ ДРУГІ: Ад ранку й да матча

Ранак пачаўся а 9 гадзіне па сыгналі будзільніка. Пачаўся дрэнна: пасьля паўлітры мясцовага піва (тыя 2 пляшкі, што мы набылі ў краме, пайшлі на паліў кветкаў – піць такую гадасьць мы ня здолелі) з ранку нас вітаў дзядзька Бадун.
Душ, пачысьціць зубы, апрануцца – і на стадыён: трэба было ўзяць квіткі. Шлях ад хостэла да стадыёна вывучалі яшчэ дома праз GoogleMaps, таму толькі ўдакладнілі куды й дзе зварочваць. Першай мэтаю нашае ранішняе прагулянкі была хоць якая кавярня, каб папіць кавы. Кавярню знайшлі, кавы папілі, па канапцы зьелі і рушылі далей у бок стадыёна. Ішлі доўга ці не – ня памятаю, але вось мэтрах у 100 наперадзе мы пабачылі – каго б вы думалі? Не, не чароўнага трусіка. Мы пабачылі нацыянальную зборную, якая загружалася ў аўтобус! Глузды адключыліся, спрацавалі інстынкты: яшчэ добра не ўцямілі, што адбылося, як ладкі пачалі адбіваць знаёмы рытм і Бухарэст пачуў першы зарад ад беларускіх фанатаў! Я ня ведаю, ці афігелі нашыя футбалісты, але карэспандэнты АНТ афігелі дакладна. І Серж Сафар’ян афігеў ;) Падыйшоў да нас, павітаўся, запытаўся колькі нас, ці агрэсыўныя мы, куды йдзем. Сказалі, што мы – беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі , ідзем на стадыён за квіткамі, усяго нас 2 чалавекі, але ўчора сустрэлі яшчэ трох у цэнтры Бухарэста. Наш намер пайсьці за квіткамі яму не спадабаўся: паабяцаў выдаць нам квіткоў праз гадзіну, бо ў той момант каманда ехала на разьмінку на стадыён. Журналісты АНТ папрасілі нас не зьбягаць і даць ім невялічкае інтэрвію (вось тут- можна нас убачыць і нават пачуць). Сказалі на камэру пару словаў, АНТэшнікі пайшлі ў аўтобус, каб ехаць на стадыён, а да мяне праз галаўны боль пачало даходзіць, то вось іх учора мы й бачылі ў цэнтры горада :) Не пасьпеў я падзяліцца са Зьмітром сваімі згадкамі, як дзьверы мікробуса адчыніліся й журналісты запрасілі нас далучыцца да іх. Мы ня сталі сябе доўга ўпрошваць: шанец патрапіць на перадматчавую трэніроўку зборнае выпадае, мабыць, 1 раз за ўсё жыцьцё – і нам ён выпаў!
Прыехалі на стадыён – і афігелі: унушаець, зараза!

Наш цёплы лампавы Дынама (родны, утульны, прывабны і ваабшчэ – найлепшы) нэрвова паліць у баку. Але пра стадыён – у наступнай частцы майго аповяду.

Сьледам за журналістамі прыйшлі на трэновачную пляцоўку. Матка Боска Вастрабрамска! Саня Кульчы, Юрка Жаўноў, Кісьляк, Верамко – усе вось тут, на адлегласьці выцягнутае рукі. Мэнтальны аргазм! Лепшы момант выезду на той час.

5-10 хвілінаў – і мы вяртаемся ў мікробус, які адвозіць журналістаў у гатэль рыхтаваць сюжэт. Ля гатэля чакаем на аўтобус зборнае, Серж Сафар’ян выдае квіткоў з запасам – а можа яшчэ каго сустрэнем. Пытаемся, ці зможам мы вывесіць банэры. Кажа – зможаце. Ура! Вырашаем вярнуцца ў хостэл, забраць банэры, сьцягі й рухацца куды-небудзь у цэнтр: піць піва і даводзіць сябе да кандыцыі перад матчам.
Дайшлі да цэнтра, прайшліся па вуліцах, выпілі ў пабе піўка – і вырашылі рушыць у бок гатэлю, дзе спынілася каманда, каб сустрэць іх пры выезьдзе на матч. Па дарозе зайшлі на “па піўку” ;), перакусілі ў арабскай рэстарацыі і высунуліся ў бок стадыёна. Не пасьпелі зрабіць і пары крокаў як пачулі сыгнал паліцэйскай сырэны й пабачылі аўтобус зборнае. Тут жа разгарнулі сьцягі, вітаючы каманду. У адказ нас павітаў кіроўца, адбіўшы сыгналам тум-тум-ту-ту-тум.
Загарнуўшыся ў сьцягі рушылі ў бок Арэны Нацыяналь. Да пачатку матча – 2 гадзіны.
Хлопцы, нашыя А.С.А.В.ы ў параўнаньні з румынскімі – дзеці неразумныя. Мэтраў за 500 да стадыёна нам сустрэліся першыя кардоны жандармерыі – гэткія чарапашкі ніндзя, запакаваныя ў браню з ног да галавы, з каскамі, дубіналамі й электрашокерамі. Першы кардон – праверка квіткоў. Усё ок – ідзем далей. Вакол – спрэс румыны. На нас косяцца, ледзьва не пальцамі тыкаюць. А мы – горда ўзьняўшы галовы валім у накірунку стадыёна.
Уваход на тэрыторыю Арэны. Кардон жандармерыі. Праверка квіткоў – усё ок. Ідзем сабе, нікога не чапаем. Ззаду хтосьці штосьці крычыць па румынску. Адзін з мінакоў кажа нам, што гэта па нашую душу. Разварочваемся, бачым, што да нас ідзе патруль жандармерыі. Стаім чакаем. Падыходзць. Вы хто? Адкуль? Куды? Квіткі ёсьць? Чакайце, зараз вас правядуць на вашыя мейсцы. Меры бясьпекі, ўсе дзялы.

Выдаюць нам праважатага, які ледзьва размаўляе па ангельску. Кожнаму сустрэчнаму паліцыянту альбо супрацоўніку стадыёна наш праважаты кажа: глядзіце, беларусы! Яны сапраўдныя! Жывыя! Крыху зьбянтэжаныя такой увагай да нашых сьціплых пэрсонаў, ветліва ківаем кожнаму сустрэчнаму. Нарэшце, хвілінаў праз 15 ад уваходу на тэрыторыю стадыёна мы даходзім да ўвахода на сэктар. Ура! Дзякуй Пану!
Але як апынулася – рана ўзрадваліся :( Асабісты дагляд. Ок, няма пытаньняў, глядзіце. А што гэта ў вас? Гэта – банэры. Нельга! Чаму? Патрабаваньні УЕФА – ніякіх банэраў на стадыёне! Што за фігня, родныя? Як гэта – без банэраў? Куды мы іх падзенем?
Але А.С.А.В.ы ня хочуць нічога чуць: нельга й усё тут. Можаце пакінуць банэры пад нашым наглядам – забярэце пасьля матча. Ага, шчазззз! Нас жа Велес потым задушыць, калі з банэрамі штосьці здарыцца. Вунь там стаіць мікробус, у якім прывезьці АНТэшнікаў – мы туды закінем. Ок, закідвайце.
Падыйшлі да мікробуса, кіроўца пазнаў нас, узяў рэчы, сказаў румынам, што мы – staff каманды  Праз хвіліну гэта ведалі бадай што ўсе сьцюарды й паліцаі.
Другая спроба зайсьці на сэктар. А гэта што ў вас? Як што?! Сьцягі! Нашыя, беларускія! Нельга! Як гэта, вашу так і гэтак, нельга?! Вы што – уху елі?! Як гэта – нельга на сэктар са сьцягам?! Ну, у нас тут ёсьць каманда з такімі колерамі, каб не было канфліктаў і тыды і тыпы. Ага, паверылі мы вам! Сказалі б проста – вашая фэдэрацыя папярэдзіла, што бел-чырвона-белыя сьцягі – гэта фашыстоўскія і г.д.
Сьцягі адправіліся сьледам за банэрамі ў мікробус :(
Спроба прайсьці на сэктар № 3. З запальнічкамі – нельга! Ды ну вас нах з такімі правіламі! Запальнічку – у сьметніцу, нас – на сэктар. Ура! Мы на сэктары: бяз банэраў, без сьцягоў :( – але на сэктары.

Оставьте комментарий