30.05. Выправа ў Гародню. Негледзячы на тое, што шлях для кожнага з нас быў свой, апошні прыпынак аб’яднаў нас. Месца сустрэчы — чыгуначны вакзал Гародні. У складзе 4 паноў з самага ранку пачынаем даследванне мясцовых краявідаў. Прыгажосць горада не магчыма апісаць, не маю я такіх слоў і такога таленту. Засталіся вельмі задаволенныя, калі адным словам. Касцелы, цэрквы, помнікі — гэтага тут многа. Чакаем, калі ж нарэшце пачнуць адчыняцца крамы, таму мясцовы «Еўраопт» не застаўся незаўважанным. Пасля да аднаго з нас завітала думка: пайсці ў якую-небудь школу на апошні званок. Недалека знайшлі нейкую школу, пабачылі на будучых студэнтаў, і пасля трапілі ў двары, каб крыху пасядзець, паадпачываць, крыху «падзаправіцца». Праз гадзіну дазналіся, як трапіць на стадыён, таму не марнуючы часу, рушылі на ЦСК. Пара налепак на стаўбах на працягу шляху і вось перад намі ўрачыста паўстае ўход з афішай да гульні. Дарэчы, аніводнай афішы мы не знайшлі. Як павялічваць колькасць гледачоў, калі нават няма дзе дазнацца пра матч?! Спадзяюся, адказ будзе. Завіталі на ЦСК, але яшчэ каля 5 гадзін да гульні. Што рабіць?
Адказ знайшоўся адразу — футбол. Спачатку завіталі на стадыен, дзе праводзіліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Паглядзеўшы на атлетаў, і крыху паспаўшы на трыбунах, трапілі на запасное поле, дзе спачатку гулялі некія месцечковыя каманды. Потым адбыўся футбольны матч, у якім да гародненскіх дзяўчынак завітала «Надзея-Днепр» з Магілёва. Дарэчы, перамога была за гасцямі, 0:8. На гэты раз прытулкам і месцам адпачынку чырвона-сініх сталі трыбуны запаснога поля. Паспаўшы і там, вырашылі здабыць квіткі на гульню і рушыць на стадыён. Пасля кас пайшлі ў мясцовае кафэ «Алімп», дзе «Аліварыя» ставарала для нас настрой на перамогу. Пад’еўшы, трапім на стадыён. Старанны шмон, крама, зноў шмон (нават глядзелі запісы ў нататніку), АМАП не прычыняў асаблівай турботы, і вось доўгачаканы першы сектар. Сонца пякло, таму дамоў рушылі з згарэўшымі нагамі і тварамі.
На гасцёвым сектары 4 чырвона-сініх з бадзерай шызой у першым тайме, і значна меньш бадзерай у другім, + невялічкая колькасць кузьмічоў. Хатні сектар — каля 50 чалавек. Вось 2:0, каманда прапанавала ехаць з імі, на што мы былі згодныя. Але вось тут атрымалася невялічкая праблема — каманда завезла нас ў Івацэвічы, каб мы маглі трапіць чыгункай дамоў. Не хапіла зусім кропельку — спазніліся на 3 хвілінкі і не змаглі трапіць на апошнюю электрычку да Баранавіч. Наступны цягнік — толькі ў 8 гадзіне раніцы. Начаваць у гэтым месцы на вакзале — не лепшы варыянт. Таму спадзяваліся злавіць папутку. За гадзіну ніхто нават не прыпыніўся. Выхад толькі адзін — начлег на вакзале. Вельмі цікавая ноч, знаёмства мясцовых акабаў з намі, і вось цягнік падыйшоў. Так салодка ніколі не спалося, як у гэтым электроне. За акном вакзал — а гэта значыць, што выправа «прабіта». На прыканцы, я думаю, трэба адзначыць хлапчука, для якога гэта была першая выправа. Спадзяюся, не апошняя, таму мае віншіванні!

Не сядзіце дома, катайце за камандай. Наступная гульня з барысаўскім БАТЭ ўжо ў гэту пятніцу. Падтрымай нашых!

