Пасьля фінальнага сьвістка цыганы абсьвісталі сваю зборную. Чаму – мы не зразумелі. Можа, яны чакалі разгрому беларусаў з лікам стопяццот-нуль? Дык гэта – нашыя хлапцы ня пальцам робленыя, праўда? Пасьля матча шмат хто з румынаў падыходзіў, казаў пра тое, што “Good job, but unfortunately we both go home”.
Разьвіталіся з расейцамі й хуценька пабеглі да аўтобуса забраць сьцягі і банэры. Ага, пабеглі. Вось толькі аўтобуса на тым мейсцы не было Упс – падумалася нас – Велес заб’е. Але паразважаўшы хвіліну прыйшлі да высновы: аўтобус з камандаю паедзе назад у гатэль, журналісты – таксама, там мы іх і сустрэнем. Хуценька сабраліся й ламануліся ў бок гатэлю. У швэйцара на ўваходзе ўдакладнілі, ці вернецца зборная ў гатэль. Пачалі чакаць.
І вось ён – аўтобус. Едуць! Вітальны зарад. З аўтобуса выходзіць Штанге, накіроўваецца да нас, працягвае руку й кажа: дзякуй вам, што прыехалі. Мы афігелі! Мы рэальна афігелі. Як бы не ставіліся мы да асобы Штанге, як да спецыяліста, але тое, што галоўны трэнер зборнае падыйшоў паціснуць руку прыемна ўразіла. Потым яшчэ падыходзілі футбалісты, дзячылі. Ад нечаканасьці я нават нікога ня мог пазнаць, назваў Гутара Юрам – карацей, разгубіўся.

І вось ведаеце – вось гэты момант быў варты таго, што мы наматалі 3 тысячы кілямэтраў. Адзін з самых запамінальных момантаў жыцьця. І дзякуй Зьмітру за тое, што мы ўсё ж ‘ткі выбраліся, а нашым жонкам — што адпусьцілі ;) Дзякуй хлопцам за гульню. Дзякуй здымачнай групе АНТ за магчымасьць наведаць перадматчавую трэноўку. Дзякуй Сяргею Сафар’яну за квіткі на матч. Дзякуй геру Штанге за працу. Дзякуй фотакамэры Canon за здымкі, дарозе Кіеў-Вільча-Нароўля-Менск за магчымасьць напісаць гэтую справаздачу, а гурту Океан Ельзи за файную музыку. Дзякуй вам за тое, што дачыталі да канца. А я пайшоў зьбірацца ў Тбілісі :)