6 дзён, блізу 8 тысяч кілямэтраў, 3 эўрапейскія краіны – і ўсё дзеля 90 хвілін на сэктары

Наш выезд распачаўся дзесьці праз тыдзень-два пасьля матча з Украінай: пару гадзінаў за кампутарам, падбор аптымальнага (па часе й кошце) маршрута, 125 эўра – і месяц чаканьня. Месяц, у які зудзела ўсюды: выезд-выезд-выезд. Мой дзявяты эўравыезд за зборную за ўсё жыцьцё, другі напрацягу 2014 г. і пяты за крыху болей чым год.

Дык вось: гадзіна Х, машына запраўленая, экіпаж на мейсцы – і мы рушым на Захад. Тры з паловаю гадзіны – прывет табе, беларуска-польская мяжа. Шчэ 2 гадзіны і – прывет табе, Падляшша. Дабраліся да Беластока, загрузіліся ў бус Беласток-Модлін. Каб ехалася весялей і спалося спакайней – прынялі крыху Soplicy

Модлін сустракаў нас… Карацей, нейк сустрэў J Выгрузіліся з буса, агледзеліся ў аэрапорце – зразумелі, што нездарма затарыліся ў Беластоку Soplica’й: да рэгістрацыі на рэйс шчэ больш за 1,5 гадзіны, у аэрапорце – акрамя дарэмнага WiFi – ніякіх забаваў

Зрэшты распачалася рэгістрацыя: адзначыліся на desk’y, прайшлі security control (распраніся да майткоў, анальны дагляд – усё, як мы любім) – і мы ў зоне вылета. Тут з забаваў дадаўся duty free shop зь ня самымі нізкімі коштамі (ну а фіглі – вы ж з ЭЗ не выязджаеце).

Увагу прыцягнулі 5 хлопцаў, што між сабою размаўлялі па-ўкраінску. Павіталіся.

Падыйшлі пазнаёміцца: фаны львоўскіх “Карпатаў”, ляцяць тым жа рэсам, што й мы, у Шарлеруа. А далей – у Люксембург на матч.

У самалёце сядзелі разам з адным з хлапцоў – Тарасам, – размаўлялі пра тое-сёе: пра падзеі апошняга года ва Ўкраіне, пра нашыя раэліі, пра тое, як зьмянілася стаўленьне АСАВ’аў і грамадзтва ва Ўкраіне да ультрас пасьля Эўрамайдана, Крыма й лнр-днр. Размову разбаўлялі тостамі за волю, за мір ва Ўкраіне, за літвіна-ўкраінскае братэрства – карацей, скарачалі час у палёце даступнымі сродкамі. У аэрапорце Шарлеруа абмяняліся нумарамі мабільных, запрасілі адзін аднаго ў госьці, пажадалі перамогі (і на полі, і па-за ім) – і разыйшліся: львівянаў чакаў бус, а нас – 4 гадзіны да рэйса ў Севільлю.

Сядзець 4 гадзіны ў будынку аэрапорта было нецікава – вырашылі крыху прайсьціся й паглядзець на Бельгію. Ну, прайшліся, знайшлі нейкую запраўку, там затарыліся півам і ежаю, паглядзелі навокал – і рушылі назад у аэрапорт.

Ну, а там — любімы security control (дададададада: распраніся да майткоў, дагляд – усё, як мае быць). Зрэшты загрузіліся на борт самалёта, які павёз нас у Севільлю, і – рубануліся спаць.

У аэрапорце Севільлі ўзялі машыну – і тут першая неспадзяванка: мапа Гішпаніі, якую я ставіў пампавацца на смартфон, крыху недапампавалася. А нам ехаць у Севільлю, у стары горад, шукаць хостэл, у якім замоўлены пакой. Кіруючыся чуйкаю кіроўцы і маааааааалееееенькім фрагментам ГуглМапс з раздрукоўкі з booking.com мы паехалі шукаць свій часовы дом.

Магчыма, гэта толькі я такі шчасьлівы, але англамоўных на вуліцах Севільлі пасьля 9 гадзіны вечара мне не патрапілася. Якім чынам мы змаглі знайсьці свой хостэл – для мяне загадка дагэтуль.

Засяліліся, кінулі рэчы – і пайшлі шукаць, дзе б пакаштаваць мясцовага піва. Крыху пашвэндаліся па вулачках старога горада, абазначылі сваю прысутнасьць, пакаштавалі мясцовага піва (дарэчы, даволі неблагое) – і заваліліся спаць.

Наступным ранкам пасьля сьняданку выпісаліся з хостэла й пайшлі глядзець горад. Уразіў Катэдральны сабор – здаравенная такая дура, што й за паўгадзіны вакол не абыйдзеш. Ды й агулам – стары горад спадабаўся: уся гэтая архітэктура, як з фільма пра Зорра, практычна поўная адсутнасьць усялякіх каляровых тожагішпанцаў, нясьпешны рытм. А калі ўсё гэта перыядычна змочваць Сангрыяй – агулам не жыцьцё, а казка.

Праз пару гадзінаў вырашылі, што ўжо час валіць ва Ўэльву. Вырашылі – зрабілі: гадзіна часу па вееееельмі добрым (і бясплатным) аўтабане – і мы ўжо засяляемся ў свой хостэл, дзе – блеяць – зноўку ніхто не размаўляе па ангельску.

Кінулі рэчы, пагрузіліся ў машыну – і рванулі на Захад: 50 км і – прывітаньне, Партугалія!

Далёка вырашылі ня ехаць, бо ў партугалаў шаша платная, – дый  мэта ў нас была проста патрапіць у Партугалію. Таму заехалі ў першую вёску – Castro Marim, – што трапілася па шляху. Палазілі па мясцовай сярэдневечнай крэпасьці, затарыліся ў мясцовым супэрмаркеце партвейнам і мясцовым півам.

За магніцікамі прыйшлося праехаць шчэ кілямэтры 3-4 па Партугаліі ў суседнюю вёску – Villa Real. Ну, а стуль ужо паехалі назад ва Ўэльву.

Прыехалі ў хостэл і ўзгадалі, што за дзень практычна нічога ня елі, таму пайшлі шукаць, дзе б можна было чаго перакусіць. Ну, а па дарозе актыўна пазначалі сваю прысутнасьць.

Вечар пятніцы – час тусовак: народу ў цэнтры горад вельмі шмат. Патаўкліся ў горадзе, пару разоў перасякліся зь нейкімі чувакамі, якія хацелі сфатаграфавацца з беларускімі хулз (гыгыгыгы), паелі нейкіх мясцовых страваў, залілі ўсё гэта півам і дзесь апоўначы пацягнуліся дадому спаць.

Зранку вырашылі паехаць на Атлянтыку. Атлянтыка – проста прыўкрасна: вада не халодная, народу на пляжы мала, у вадзе – толькі сёрферы. Ціха, спакойна.


Праз нейкі час да нас падыйшоў сталы такі сіньор, які вельмі хацеў зрабіць з намі здымак. Мы ня здолелі адмовіць.

Ну а потым… Потым на гарызонце мы пабачылі 6 мужыкоў. Ня ведаю, што ў іх выдавала нашых: ці пуза, якое кожны зь іх велічна нёс перад сабою, ці чырвоныя пысы, ці пакецікі з “Кароны” J Пазнаёміліся. Апынулася – салігорская кузьма, што прыляцела разам з федэрацыяй. Чувакі доўга не заганяліся: адныя кінуліся ў акіян, другія дасталі з пакеціка з “Кароны” беларускую гарэлку, хлеб “Водар” і сухую кілбасу.

Хвілін праз 20 мы зь імі разьвіталіся, бо мелі забітую стрэлку з хлопцам, які вёз банэр, і пагналі ў горад. Па дарозе сустрэліся з хлопцамі з Гомеля, потым перасекліся шчэ з адной кампаніяй беларусаў.

Насамрэч, у Ўэльве рабіць практычна няма чаго: цэнтральная частка малая, цікавосткаў назіралася мала, таму мы пачалі прабіваць бары.

Нарэшце, дзесь за 2 гадзіны да матча ўпісаліся ў аўтобус, які вёз на стадыён кузьму ад АБФФ-Падарожжа: мужчынская частка была у такім стане, што самастойна нават сядзела зь цяжкасьцямі.

Зрэшты дабраліся да эстадыё, выгрузіліся з буса, пару фотачкаў для справаздачы – і пайшлі шукаць свой сэктар.

Стадыён у Ўэльве чымсьці нагадвае стары Дынама: асобныя ўваходы на кожны сэктар, прайсьці з аднае трыбуну на іншую можна толькі па-за трыбунамі.

Знайшлі свой сэктар, зайшлі туды, сустрэлі гамельчукоў. І вось тут афігелі: нас “размазалі” па сэктары. Рэальна размазалі: у аднаго квіток на 13 шэраг 2 мейсца, у іншага – 5 шэраг 23 мейсца, у трэцяга – 11 шэраг 37 мейсца і г.д.

Ня тое, што шызець, а нават стаць побач у такіх умовах было проста нерэальна, бо копы спачатку выціснулі з праходаў, а потым пачалі бухцець гішпанцы, што ім з-за нас нябачна і г.д. Перамовы зь імі плёну не далі: яны штось лапаталі на гішпанску, мы спрабавалі на ангельска-гішпанска-партугальскай мяшанцы ім адказваць. Скончылася ўсё тым, што мяне з сэктара вывеў коп, паспрабаваў адабраць пашпарт. На пытаньне: — а, уласна кажучы, схералі? – адказаў (цытую): No problems, ok? Ну, ноў проблемз, дык ноў проблемз. Ты толькі казу тую крыху суціш – і ўсё будзе добра. Так, да канца матча і стаяў роўненька за мною.

Распавядаць пра сам матч, пэўна, сэнсу няма: вы – хутчэй за ўсё – самыя бачылі на ТБ.

Хачу толькі прыгадаць адзін момант: хлопец на пару зь нейкай дзеўчынай у першых шэрагах сэктара спрабавалі ўвесь матч зараджаць у падтрымку зборнае. Сваімі высілкамі яны нават завялі стадыён: не паверыце – 2 сэктары гішпанцаў разам зь імі зараджалі “БЕ-ЛА-РУСЬ!”

Пасьля сканчэньня матча да нашай менска-гомельскай групы падыйшлі фанаты мясцовай Рэкрэатыва і запрасілі да сябе ў бар, дзе мы й правялі наступныя 3 гадзіны. Нават моўная праблема не была праблемаю: фанат фаната зразумее й на ангельска-гішпанска-расейска-чортпайміякойяшчэ трасянцы.

Блізу гадзіны ночы разьвіталіся з гаспадарамі, зрабілі агульны здымак – і на Севільлю, адкуль самалёт панясе нас у Барселону.

У плянах на Барсу не было нічога асаблівага: глянуць Саграда Фамілія й схадзіць на Камп Ноў, што напрацягу наступнага дня мы й зрабілі, па шляху прабіваючы бары й кавярні. Парабілі здымкі, паклеілі налепкі, папілі мясцовага піва й віна – і пагналі ў хостэл спаць, бо наступным ранкам нас чакаў завяршальны этап выезда: самалёт Барса-Варшава, адтуль бусам праз Беласток у Гародню і – далей дадому, у Менск.

Оставьте комментарий