Ігар Случак: «Я часта хаджу на стадыён не паглядзець футбол, а паназіраць, які перфоманс зробяць фанаты»

Вы часта бываеце на стадыёне ў Гомелі. Што вас там здзіўляе больш за ўсё?

– Я часта хаджу на стадыён не паглядзець футбол, а паназіраць, які перфоманс зробяць фанаты. Яны ўжо даўно прыйшлі да беларускай мовы. Добра яе выкарыстоўваюць у банэрах , крычалках і гэтак далей. Фанаты ў  гэтым сэнсе флагманы. Яны тыя, хто падштурхнуў мяне звяртацца да беларускіх клубаў. Спачатку я быў засяроджаны больш на справаводстве. А калі пабачыў, што фанаты вельмі добра і шмат выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй дзейнасці, пачаў патрабаваць ад адміністрацыі, каб  яны прыслухаліся да заўзятараў.

Наш чэмпіянат не заўсёды вельмі якасны па саставе гульцоў, няшмат матчаў, за якімі цікава глядзець. А вось фанаты робяць гульню лепш. Яны прыцягваюць людзей на стадыёны. Мне шкада, што міліцыя прыцясняе фанатаў. Яны адштурхоўваюць людзей ад футболу. Мне самому непрыемна, калі мяне так моцна правяраюць на ўваходзе. Калі-нікалі самому не хочацца ісці на футбол. Вось калі я вучыўся ў Эстоніі, то хадзіў там на футбол, дзе было па 300 чалавек. Там няма міліцыі, толькі некалькі сцюардаў, але мажліва паліць фаеры і піць піва без праблем. Яны там атрымліваюць асалоду ад жыцця. А ў нас у першай лізе міліцыі больш, чым заўзятараў, якіх таксама 300. Таму я падтрымліваю байкоты фанатаў «Гомеля». Тым больш адміністрацыя клуба не ставіцца на іх бок.

Источник: by.tribuna.com

Оставьте комментарий